Мини-чат
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Главная » 2013 » Июнь » 24 » Tacheles: противостояние - Аналитика, Арт-сцена - Urban.by
05:14
 

Tacheles: противостояние - Аналитика, Арт-сцена - Urban.by

Путь: Главная / Аналитика, Арт-сцена / Tacheles: противостояние - Аналитика, Арт-сцена - Urban.by

Tacheles: противостояние

Берлін, вечар 27-ага чэрвеня. Бярэм з бацькам таксоўку ад галоўнага вакзала, і хвілін за 10 апынаемся перад Тахелесам – камбінацыяй мастацкай галерэі й сквота, месцам жыцця, творчасці й выступаў для вялікай колькасці мастакоў, актораў і музыкаў.

Галерэя вітае нас шыльдамі па-нямецку й па-беларуску: «Belarus, Minsk, Zeitgenssische Kunst. Dach X», «Беларусь, Мінск, сучаснае мастацтва». Нават звонку Тахелес увесь распісаны графіці й заклеены афішамі, што надае яму пэўны багемны шарм. Яшчэ больш яскравых рознакаляровых графіці й малюнкаў у калідорах. Усе яны сплятаюцца ў адну шчыльную стракатую сець, пакідаючы прастору толькі для праёмаў дзвярэй. У сукупнасці з вялікай колькасцю нефармальнага люду, які можна спаткаць тут нават позна ўночы, ствараецца поўнае ўражанне рэйвавага клуба.

Як я даведаўся трохі пазней, у дворыку галерэі й сапраўды месціцца невялічкі бар пад адкрытым небам, з уласнай музычнай сцэнай. У першую ж ноч я пачуў, як нейкі мясцовы гурт густоўна йграў там каверы Radiohead, Red Hot Chili Peppers і Pixies…

Даходзім да апошняга паверха й трапляем у майстэрню вядомага беларускага авангардыста Алеся Родзіна, які жыве ў Берліне ўжо больш дзесяці гадоў, зрэдку наведваючыся ў Беларусь. Сама майстэрня – амаль пусты вялікі пакой з абшарпанымі сценамі, высокай столлю й кафельнай падлогай. Усе сцены ўвешаныя й застаўленыя карцінамі.

Сам Алесь аказваецца сціплым і нешматслоўным чалавекам. Мы абменьваемся ўражаннямі аб жыцці ў Менску й Берліне. Алесь распавядае, што ўласнік будынка, адзін з нямецкіх банкаў, збіраецца выселіць галерэю, патрабуючы з ейных насельнікаў непад’ёмную арэнду. «У любым выпадку, дзякуй за тое, што я змог так доўга працаваць у такой майстэрні. Дзе яшчэ знойдзеш такія ўмовы,» кажа ён. «Аднак, калі давядзецца пераязджаць у іншае месца – гэта ўжо будзе зусім ня тое. Тахелес ужо добра ведаюць. Гэта своеасаблівы культурны цэнтр.» Даведваюся, што назаўтра мусіць адбыцца шэсце ў абарону галерэі, і думаю прыняць удзел.

Назаўтра зранку я змог пераканацца ў праўдзівасці Алесевых словаў. З раніцы й да самага вечара па ўсіх паверхах няспынна ходзяць групы людзей усіх узростаў. Сярод іх многа моладзі. Многія заходзяць у Алесеву майстэрню, якая таксама служыць выставачнай залай дзесьці з 10 раніцы да 12 вечара. Глядачы паводзяцца выхавана й ціха. Многія з іх уважліва разглядаюць карціны, і, як бачна па іх засяроджаных тварах, спрабуюць зразумець іх сэнс і настрой. Карціны мастак не прадае, але жадаючыя заўжды могуць набыць рэпрадукцыі і папрасіць падпісаць іх.

Я таксама карыстаюся магчымасцю й разглядваю творы. Зблізку яны падаюцца плоскімі, але калі адыходзіш далей – адразу з’яўляецца адчуванне аб’ёму. На рэпрадукцыях гэты аб’ём бачны нават зблізку. Алесь Родзін эксперыментуе з вялікай колькасцю розных тэхнік, што часта робіць карціны мала падобнымі адзін на другі. Многія з іх насычаныя колерамі й фактурай падобнымі да пяску, глебы й пылу й вызначаюцца дакладнай прамалёўкай мноства дробных дэталяў, нагадваючы графіку ў колеры («Андэграунд», «Да і пасля», «Карані», «Нулявы выбар», Ту-там»). У іншых наадварот, шмат яскравых фарбаў, яны канцэнтруюцца вакол аднаго галоўнага вобраза, і падобныя на ілюстрацыі да фантастычных апавяданняў, коміксы й працы сюррэалістаў («Дынамічная раўнавага», «Вольнае падзенне», «Блакітнае вока», «Рот»). Як звычайнаму глядачу мне найбольш спадабаліся «Кругі пазнання» й «Эксперыментальны кантакт», дзе колеры глебы спалучаюцца з вельмі выразным цэнтральным вобразам. Будзеце ў Берліне – зайдзіце ў Тахелес, паглЯдзіце самі.

Прыкладна за дзве гадзіны да шэсця непадалёк ад уваходу ў галерэю паркуецца тры аўтобусы паліцыі. Назіраючы за імі з вакна другога паверха, заўважаю, што большасць паліцыянтаў – зусім маладыя хлопцы й дзяўчаты. У аднаго з паліцыянтаў на галаве іракез, у яго каляжанкі – пірсінг. «М-да», думаю я, «вось яшчэ адно пацвярджэнне, што пірсінг і іракезы насіць ужо даўно бессэнсоўна. Іх ужо носяць ня толькі поп-зоркі, але нават паліцыянты». Ніякага напружання ў паветры не адчуваецца. Яшчэ за гадзіну да акцыі ля Тахелеса збіраецца каля пяцідзесяці чалавек. Там жа быў прыпаркаваны невялічкі грузавік са знятым тэнтам і музычным абсталяваннем у кузаве.

Спусціўшыся к месцу збору перад самым пачаткам акцыі, мы з Алесем засталі там ужо каля ста чалавек, уключаючы актораў Тахелеса, частка з якіх была апранутая ў шэрыя касцюмы й чорныя цыліндры, сімвалізуючы сабой сур’ёзных босаў, Людзей Сістэмы. Іх твары былі пафарбаваныя ў цынкавы колер, у выніку чаго яны трохі нагадвалі статуі. На працягу шэсця яны ўвесь час сімвалічна перакрывалі рух, стаючы наперадзе людзей, перагаворваліся міжсобку па мегафонах, а таксама выкрыквалі праз іх загады, адрасаваныя ўдзельнікам акцыі. Паводзіліся яны падкрэслена безэмацыйна, пластыка іх нагадвала ажыўшых манекенаў. Разам з тым, выглядалі яны ў гэтым амплуа абсалютна арганічна й ненаіграна.

Іншая частка актораў увасабляла сабой сілы мастацтва. Некалькі з іх былі апранутыя ў балетныя й іншыя сцэнічныя строі й танчылі прама сярод натоўпу. Іншыя ж, таксама ў рознакаляровых строях, фарбавалі адно аднаго й усіх жадаючых рознакаляровымі фарбамі.

Дыджэі й музыкі былі ў грузавіку ўжо перад пачаткам шэсця, і з калонак даносіліся энергічныя танцавальныя рытмы. У далейшым гэты грузавік амаль увесь час ехаў у галаве калоны, радуючы музыкай яго ўдзельнікаў і проста прахожых. Часам мікс узбагачала яшчэ жывая йгра басіста, гітарыста, або саксафаніста. МС, які йшоў за грузавіком, трымаючы ў руцэ мікрафон, прапяваў імправізаваныя слоганы. Усё разам гучала стылёва й захапляюча…

Калона рухалася па праезджай частцы (паводле пагаднення з паліцыяй, рух транспарту быў перакрыты). Некаторыя з дэманстрантаў неслі з сабой таблічкі з лозунгамі, напрыклад: «Оруэл быў аптымістам», «Усе робяць грошы», «Я банк, ты – нішто». У хвасце калоны ехала павозка, наверсе якой былі прымацаваныя барабаны й талеркі ад ударнай устаноўкі. Суправаджаючыя яе людзі ігралі на ёй у такт музыцы.

Наогул, паліцыянты тактоўна трымаліся наводдаль і не чынілі ніякіх перашкод. Часам яны прыпынялі шэсце на непрацяглы тэрмін у сувязі з рэгуліроўкай дарожнага руху, а таксама сачылі, каб хто з дэманстрантаў ня трапіў пад машыну. Маршрут уключаў у сябе будынак банка, якому фармальна належыць будынак Тахелеса, а таксама месца, дзе Тахелес мясціўся раней. На ўсёй працягласці шэсця да яго актыўна далучалася спачуваючая моладзь. Людзі таксама ставілі подпісы пад петыцыяй у падтрымку галерэі.

Усяго мы прайшлі па вуліцах недзе тры с паловай кіламетры за дзве с паловай або тры гадзіны. Акцыя закончылася выступам аднаго з арганізатараў, які выцягнуў скрыні з подпісамі ў падтрымку Тахелеса на край кузава грузавіка, каб паказаць іх прысутным. Усе этапы шэсця здымаліся на фота й відэа мясцовай і замежнай прэсай, і без сумневу знайшлі шырокае асвятленне ў самых розных медыя.

«Што такое творчасць? Дзе мяжа між мастацтвам і немастацтвам? Наколькі мастацтва павінна быць самаакупальным? Ці абавязкова добрае мастацтва будзе мець фінансавы поспех? Ці існуюць увогуле аб’ектыўныя крытэры для ацэнкі? Да якой ступені чалавек можа йсці на супрацоўніцтва з шоў-бізнесам і зарабляць на гэтым грошы, застаючыся пры гэтым самім сабой у творчым плане? Ці ёсць будучыня ў Тахелеса й ім падобных, або яны так і будуць качаваць з аднаго месца на іншае?», — вось няпоўны пералік пытанняў, якія напаўнялі маю свядомасць падчас і пасля шэсця. Мушу зазначыць, я так і ня змог даць дакладнага адказу на ніводнае з іх. Аднак, хацелася б спадзявацца, што Тахелес зможа ў чарговы раз застацца ў кропцы балансу між нечымі фінансавымі інтарэсамі й патрэбамі яго цяперашніх насельнікаў і ня страціць сваёй цяперашняй творчай прасторы. Удачы вам, тахелесцы!

ФОТА

незалежны назiральник
dach-n.by

Просмотров: 356 | Добавил: loneve | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Понедельник, 23.06.2025, 16:21
Приветствую Вас Гость
Поиск
Календарь
«  Июнь 2013  »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz